Літо
2390 / 0
10.01.2019

Vuraj. Адчуць магію Палесься

Другая паўнавартасная студыйная праца гурта Сяргея Доўгушава бярэ ўдзел у альбомным чарце на TuzinFM.

«Што сьпяваеце?» — «Літо!» Вось так проста — адным словам «літо» — на Палесьсі называюць цыкль абрадавых песень, у якіх знайшлі сваё ўвасабленьне звычаі, павер’і ды ўяўленьні нашага народу. Гэтак жа называецца новы альбом гурта Vuraj, адных зь лідэраў беларускай фолькавай сцэны, найлепшага беларускага гурта 2016 году па вэрсіі TuzinFM.

«Літо» — гэта беражліва сабраныя, вывучаныя, пераасэнсаваныя і літаральна наноў створаныя каляндарна-абрадавыя песьні беларускага Палесься. Удзельнікі гурта Vuraj на працягу чатырох гадоў шукалі іх у экспэдыцыях, знаходзілі ды надавалі кожнай сваё адметнае гучаньне.

«Людзі сыходзяць, песьні зьнікаюць, а нам хочацца дзяліцца гэтымі скарбамі з усім сьветам, даносіць палескую мову, мэлёдыі і тэксты, якім сотні гадоў», — кажа лідэр гурта, фальклярыст Сяржук Доўгушаў.

Гукарэжысэрам ды саўндпрадусарам альбому стаў намінант на «Грэмі» Томаш Рагула з Польшчы (ён жа спрычыніўся да запісу такога цуду, як «Зімачка» этна-трыё «Троіца»). Запіс адбываўся на варшаўскай TR-Studio і студыі Everest у Менску пры ўдзеле польскай скрыпачкі Караліны Матушкевіч і аўтэнтычнага гурта з Палесься «Вытокі».

Грошы на запіс альбома музыкі сабралі праз краўдфандынг-платформу Ulej.by, дзе гурт атрымаў рэкордную сярод музычных праектаў падтрымку.

 TuzinFM