Zero Nero
5000 / 0
26.07.2018

Псыхадэлія ў трэндзе. Новы альбом Сямашкі і пашыранай «Кумпаніі»

«Віктар Сямашка ды Кумпанія» прэзэнтуе ў альбомным чарце працу «Zero Nero», заснаваную на паэзіі лідэра праекту ды Ўладзя Лянкевіча і на спантаннай калектыўнай імправізацыі.

На гэтым запісе праект «Віктар Сямашка ды Кумпанія» набыў форму псыхадэлічнага супэрквартэту. У фармацыю ў якасьці дэкляматара ўласных вершаў і басіста трапіў Уладзь Лянкевіч (ex-TonqiXod), чалавек-рок-бэнд Дзяніс Кудраўцаў (Sinie Gory) і бубнач Яўген Булдык (Masque Noir). У такім складзе «Кумпанія» выступіла на пачатку 2018 году ў межах канцэртнае сэрыі «Экспэрымэнт» у менскім клюбе «Ілі».

Запісаная падчас выступу праграма атрымала імя «Zero Nero» («Чорны нуль»). Кампазыцыі сыграныя амаль нон-стопам, плаўна перацякаюць адна ў адну. Калі тэкставы складнік сфармавала паэзія Сямашкі ды Лянкевіча, то музыка створаная цалкам спантанна й калектыўна, але зь яўным дамінаваньнем Кудраўцава. Завяршае праграму панк-кавэр на польскі гурт Blue Café, тэкст іх каляднае песьні быў знойдзены ў грымёрцы акурат перад выступам.

«Псыхадэлія, як кажуць, у трэндзе. І гэтак званы экспэрымэнт атрымаўся. Нам вельмі спадабалася граць разам. Гледачы чамусьці пыталіся, ці зь Менску мы прыехалі. Цяпер шукаем наступнае магчымасьці сустрэцца на сцэне», камэнтуе Віктар. Альбом «Zero Nero» апублікаваны для вольнага спампоўваньня на афіцыйным акаўнце «Віктара Сямашкі ды Кумпаніі» на Bandcamp.com.

TuzinFM