Zhoo: Art folk sound
7453 / 0
25.02.2018

Зьяжджаюць найлепшыя. Катвіцкая і Варсоба прысьвяцілі альбом саўндпрадусару

Ірэна Катвіцкая і Аляксей Варсоба аб’ядналі працы саўндпрадусара Андрэя Жукава ў складанку «Zhoo: Art Folk Sound». Дыск, які выйшаў на амэрыканскім лэйбле VG Music Label, пакліканы зьвярнуць увагу на вымываньне з краіны таленавітых спэцыялістаў.

Андрэй Жукаў ня мае рук зь дзяцінства, але пры гэтым здолеў стаць вядомым гукарэжысэрам. Ён працававаў з мноствам беларускіх калектываў, сярод якіх «Сябры», «Ляпіс Трубяцкі», Apple Tea, «Камэрата», этна-трыё «Троіца», «Разьбітае сэрца пацана», Port Mone ды іншыя. У апошні час ягоныя паслугі былі ня дужа запатрабаваныя ў Беларусі. Цяпер Андрэй жыве і працуе ў Харкаве. Высілкамі мясцовых бізнэсоўцаў адмыслова для яго была зроблена студыя з мармуровай заляй для запісу басу, апаратурай для цёплага стужкавага гуку і самымі дарагімі ў сьвеце маніторамі для людзей з асаблівымі адметнасьцямі.

Ірэна Катвіцкая і Аляксей Варсоба неаднойчы працавалі з Андрэем Жукавым разам і паасобку. Яны вырашылі ўкласьці складанку абраных твораў у стылістыцы арт-фольку, якія запісваліся разам з адмыслоўцам. У яе ўвайшлі новыя і ўжо выдадзеныя кампазыцыі этна-трыё «Троіца», праектаў Agata, Port Mone, Akana, New Image Orkestra. «Андрэй доўгі час фармаваў музычны ляндшафт у Беларусі ў адпаведнасьці з усімі трэндамі сусьветнай культуры. Мы хочам гэтаю працаю зьвярнуць увагу музычнай супольнасьці на сытуацыю, калі з краіны вымываюцца таленавітыя прафэсіяналы. Мы таксама спадзяемся, што гэтыя кампазыцыі стануць пэўным адукацыйным модулем і анталёгіяй для тых, хто хоча падвысіць свой узровень у гукарэжысуры і саўнддызайне. Бо вучыцца можна і на сваім матэрыяле», — кажуць ініцыятары рэлізу. Складанка выйшла на амэрыканскім лэйбле VG Music Label у кастрычніку 2017 году. Набыць яе можна праз iTunes.

TuzinFM