Адной дарогай
8361 / 0
14.02.2018

Naviband. Як палюбіць усіх

Гурт Арцёма Лук’яненкі і Ксеніі Жук прэзэнтуе ў альбомным чарце на TuzinFM чацьвертую студыйную працу «Адной дарогай». Усе песьні зь яго сьпяваюцца на беларускай мове і прасякнутыя любоўю.

Песьні для дыску «Адной дарогай» былі створаныя адразу пасьля ўдзелу каманды ў «Эўравізіі». Музыкі зьехалі на хутар, што месьціцца за 300 кілямэтраў ад Менску, каб папрацаваць над новым матэрыялам. Рэпэтавалі проста на прыродзе. У выніку палявой сэсіі паўстала 9 кампазыцыяў, якія былі пасьля запісаныя ў менскай студыі з гукарэжысэрам Андрэем Баброўкам, што працуе з гуртом Brutto.

Выканаўцы характарызуюць сваю працу як жывую, натуральную, сьветлую і вельмі шчырую, прасякнутую любоўю да роднай мовы, сваёй зямлі, музыкі, жыцьця ды каханьнем адно да аднога. Канцэртная прэзэнтацыя альбому заплянаваная ў менскім PrimeHall 9 сакавіка. Плянуюцца таксама прэзэнтацыі ў іншых гарадах Беларусі, а таксама ва Ўкраіне і Расеі.

Выхад альбому быў азмрочаны выступам гурту на 100-годзьдзі беларускага КДБ пры канцы сьнежня 2017 году, калі паралельна адзначалася сумная дата — 80-годзьдзе масавага расстрэлу беларускай творчай інтэлегенцыі. Naviband заявілі з гэтай нагоды, што не падзяляюць сваю аўдыторыю па палітычных прызнаках.

Альбом «Адной дарогай» даступны на iTunes, GooglePlay, AppleMusic, Яндекс.Музыка.

TuzinFM