Hod za hodam
2373 / 0
26.12.2017

Лета зь Лявонам. Усё працягваецца (прэм’ера)

Сьпявачка і паэтка Лета пры падтрымцы Лявона Вольскага прэзэнтуе на TuzinFM свой дэбютны альбом «Год за годам».

«Год за годам» — нетыповы музычны альбом. Аўтарка Лета кажа, што галоўная ідэя — даць волю вершам. Ня тое, каб яны прагучалі, ці зрабіліся песьняю. Тое для яе замала. «У вершаў ёсьць вялізарны патэнцыял гучаньня, унутраная мэлёдыка, настрой. Пры стварэньні альбому меўся на ўвазе максымальны адыход ад правілаў, таму там ёсьць і чытаньне, і напеў, і рэчытатыў», — кажа Лета. Яна называе гэты праект ланцужком, які зьвязвае сьвет і ўспрыняцьце сьвету, сёньня з заўтра і з учора: «У нас ёсьць толькі сёньня, але ў нас ёсьць таксама ўспамін пра ўчора і надзея на заўтра. Так адбываецца год за годам. Так адбываецца ўжо шмат гадоў. Зьмяняецца вясна, лета, восень, зіма. Хутка Новы год. Усё працягваецца».

Усё музычнае суправаджэньне зрабіў Лявон Вольскі, які пагадзіўся ўзяць удзел, бо зацікавіўся ідэяй авангарднага экспэрымэнту з тэкстам і музыкай. Урэшце, атрымалася 9 трэкаў з розным гучаньнем: ад лірыкі ў стылі Тарывердыева да панку. «Для мяне гэтая супраца была чымсьці кшталту напісаньня музыкі да фільму, — кажа з нагоды прэзэнтацыі на TuzinFM Лявон. — І тут цікава тое, што ня трэба зусім імкнуцца ні да якое ўмоўнае гітовасьці ды наварочанасьці ды ўсяго таго, чаго жадаюць дасягнуць музыкі. Бо сам жанр ня мае гэтага на ўвазе. Проста трэба было не перашкодзіць паэтычнаму складніку».

Лета і Лявон бачаць аўдыторыяй гэтага праекту слухачоў, чуйных да слова і музыкі, якіх цікавіць новае. І на заваёву масаў яны не прэтэндуюць.

Праект пакуль што існуе толькі ў студыйным фармаце і канцэртнай прэзэнтацыі альбому не плянуецца.

Спампаваць альбом цалкам з TuzinFM

TuzinFM