Казка
3346 / 0
30.11.2017

З мараю пра цуд. Дэбютная «Казка» Адэлі Вольскай (прэм’ера!)

Маладая сьпявачка Адэля Вольская прэзэнтуе на TuzinFM першую паўнавартасную працу «Казка», у якой распавядае гісторыю свайго жыцьця — ад падлеткавага ўзросту да сёньня.

Упершыню ўсур’ёз пра свае  музычныя амбіцыі Адэля заявіла летась, калі прэзэнтавала EP «Усё атрымаецца». Яе песьні выклікалі цікавасьць з боку слухачоў. Выйшла так, што ў летнім топ-12 на «тузіноўскім» Soundcloud панавалі Вольскія. Пры канцы восені 2017 году сьпявачка разам зь сябрамі давяла да ладу поўнафарматны альбом «Казка», у які ўвайшло 9 песень.

«Гэты альбом — гісторыя майго жыцьця ад падлеткавага ўзросту да сёньняшняга дня. „Казка“ — мікс усяго, што мяне напаўняе. Незвычайнае гучаньне і досыць просты тэкст — мой падыход да песень. Я веру, што ўсе людзі, нягледзячы на руціну ды ўнутраныя перажываньні, дзесьці ў глыбіні сэрца мараць пра цуды, вось менавіта пра гэта мой альбом», — кажа аўтарка з нагоды прэзэнтацыі на партале TuzinFM. У музычным пляне «Казка» разнастайная, тут адчуваецца ўплыў кантры, рэгі ды джазу.

Альбом запісваўся ў польскім Любліне, дзе цяпер вучыцца Вольская. Музычныя партыі запісалі яе аднакурсьнікі, якія пажадалі не называць сваіх імёнаў. Усю музыку і словы напісала Адэля, у кампазыцыі «Жыцьцё адно» суаўтарам музыкі выступіў Стас Додзь. Вокладку да альбому зрабіла Яна Шаціла. Неўзабаве ў падтрымку альбому мае выйсьці кліп, а магчыма і не адзін. Сьпявачка ўжо мае матэрыял і натхненьне да другога альбому. Што да канцэртнай прэзэнтацыі, то мяркуецца яе правесьці на пачатку лета.

Спампаваць альбом адным файлам з TuzinFM (.ZIP)

TuzinFM