Kalasy Pad Siarpom
2778 / 0
19.11.2017

Hok-key. Аповед пра таямніцы беларускай душы

Мэтал-гурт Hok-key выдаў у Нямеччыне новы альбом «Kalasy Pad Siarpom» у стварэньні якога ўзялі ўдзел музыкі з гуртоў Irdorath і ByCry, а таксама вакаліст з харавой капэлы БДУ і бэк-вакалістка Scorpions.

Новы альбом «Kalasy Pad Siarpom» зьяўляецца другой часткай дылёгіі, якую задумаў гурт. Першая частка «Znak Biady» распавядала пра жыцьцё закатаванага, але нязломнага, магутнага народу. У другой частцы было вырашана адысьці ад агульнай тэмы, зьвярнуцца да культурнай спадчыны і стварыць пэўную атмасфэру праз асабістыя гісторыі, каб больш поўна раскрыць душу беларускага чалавека, яго сьветаўспрыманьне, турботы ды мары. Абраная назва тлумачыцца так: чалавек падобны на колас, над якім вісіць пагроза ў выглядзе «сярпа» і невядома, калі жыцьцё пачне сваё жніво…

Распачынае альбом песьня «Spoviedź z-pad šybienicy», пра гісторыю жыцьця Кастуся Каліноўскага. Гэта ня столькі апісаньне ягонай дзейнасьці, колькі ўвасабленьне агульнага лёсу ўсіх змагароў, якія не адмовіліся ад сваіх прынцыпаў і ідэяў, нават, перад страхам сьмерці. Тэма незалежнасьці і свабоды зьяўляецца лейтматывам яшчэ такіх кампазіцыяў як «Daroha biez viartańnia» і «Pramieńniem nadziei».

«Čalaviek padvojnaj zorki» напiсаны па матывах твору Аляксандра Грына «Блистающий мир». Гэта, канечне, не беларускі эпас, але закранутыя ідэі блізкія для ўсяго чалавецтва: бо кожнаму патрэбны той, хто ў яго паверыць і будзе натхняць на вялікія зьдзяйсьненьні. Тут гурт імкнуўся з дапамогай музычных сродкаў стварыць казку, якая б давала веру ў ажыцьцяўленьне запаветнай мары.

Характэрны фолькавы твор «Jablyčny smak» раскрывае народныя матывы. За аснову ўзятае паданьне, дзе паказаны адносіны чалавека да прыроды, і як ва ўсіх народных творах, мае свой павучальны сэнс: за кожнае дзеяньне абавязкова прыйдзе расплата…

Кампазіцыя «Spačatku bylo slova» закранае балючую тэму захаваньне беларускай мовы i прысьвячаецца ўсім, хто гэтаму спрыяе, «ваярам слова».

«Kali šumiać daždžy…» — гэта сапраўдная філязофская лірыка пра хуткаплыннасьць быцьця, пра тое, што незалежна ад нашага жаданьня час ідзе і нічога больш не застанецца акрамя ўспамінаў.

Сюжэтным працягам песьні «Ruch» з альбому «Znak Biady» стала кампазыцыя «Daliejšy šliach (Ruch II. Калі ў першай частцы распавядалася пра вялікае гістарычнае мінулае нашай краіны i пра мужных волатаў-ваяроў, то ў другой частцы абаронцы паказваюцца звычайнымi людзьмi, што вымушаны браць зброю ды ісьці на бітву з ворагам, стомленыя, яны жадаюць толькi аднаго: кінуць зброю ды рушыць да родных дамоў.

Фінальным акордам альбому зьяўляецца бонус-трэк «Onto the Battlefield». Яго можна назваць своеасаблівым абагульненьнем. Кожны мае свае патаемныя страхі i дэманаў, што рвуцца на волю, а зь iмi трэба змагацца кожны дзень, каб давесьці чаго ты варты і захаваць чалавечнасьць, тоеснасьць і свабоду.

У стварэньні альбому «Kalasy Pad Siarpom» узялі ўдзел Яраслаў Сапуноўiтара, клявiшы), Аляксандар Волчак (бас), Зьмiцер Рудовiч (вакал), Iрына Сапунова (скрыпка), Алег Канцоў (бубны), а таксама запрошаныя госьці: Алена Працко з Scorpions і ResonansPlus (вакал), Кастусь Фамiн з харавой капэлы БДУ (вакал), Ксенiя Марачкiна (скрыпка, альт), Уладзiмер Iрдарат з Irdorath (дуда, дыджэрыду), Яўген Валакiцiн з ByCry (акардэон),  Iван Крыванос з праекту «Хангмелеон» (ханг).

Альбом выдадзены на нямецкім лэйбле STF Records. Некалькі трэкаў даступныя для праслухоўваньня на Soundcloud. Набыць альбом на дысках/Amazon/iTunes

Аляксандр Волчак, Hok-key, для TuzinFM

Тэгi: