Всё будет гут
1364 / 0
07.11.2017

Пінхас Цынман. Равін, які пяе рэгі

Хасыдска-беларускі выканаўца прэзэнтуе ў альбомным чарце на TuzinFM cвой дэбютны альбом «Усё будзе гут», у якім сярод іншага ўзялі ўдзел Аляксандар Памідораў і намінант на «Грэмі-2016» Tony Fadd.

Я хачу вам прадставіць унікальны ў сваім стылі і па зьмесьце музычны праект. Маё імя Пінхас Цынман. Я карэнны мінчанін. Па пашпарце я Вячаслаў, але па габрэйскай традыцыі ўзяў сабе біблейскае імя Пінхас. У цяперашні час мяне так усе і называюць. Гэтае імя я таксама ўзяў як сцэнічны псэўданім. Гадаваўся я і вучыўся ў Менску. Пачынаючы з 20 гадоў вучыўся ў некалькіх ешывах у ЗША і Ізраілі, дзе атрымаў званьне равіна.

Зь дзяцінства складаю вершы і музыку. Ужо ў ешыве быў натхнёны творчасьцю амэрыканскага выканаўцы хасыдскага рэгі Матасіяху, вырашыў інтэграваць хасідскія ідэі ў сучасную музыку. А паколькі галоўная ідэя хасыдаў у тым, каб несьці пазытыў у грамадзтва быў абраны ўмоўны стыль – «хасыдскае рэгі», сонечная і вясёлая музыка з сэнсам.

У Беларусі я яшчэ не сустракаў падобных праектаў. Сто год таму значную частку насельніцтва ў краіне складалі габрэі, значная частка якіх зьяўлялася хасыдамі. Можна сказаць, што беларусы і габрэі мелі блізкія адносіны амаль ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці. Гэта бачна і ў габрэйскай музыцы, у якой часта можна пачуць беларускія матывы. І хоць цяпер рэдка можна ўбачыць хасыдаў на вуліцах беларускіх гарадоў, хочацца, каб людзі зь цеплынёй іх успрымалі. Гэтую ідэю я ўклаў у песьню «Хасыды».

Усё дзяцінства я вывучаў беларускую мову і хоць не даводзілася ёю карыстацца ў побыце, ужо даўно зьявілася жаданьне пісаць на ёй вершы. Таму ў маім першым альбоме некалькі песень напісаныя на беларускай мове.

Я думаю, што сувязь, здавалася б двух супрацьлегласьцей: хасыдаў і сучаснага грамадзтва з дапамогай пазытыўнай сучаснай музыкі, можа зрабіць уражаньне на беларусаў у прыватнасьці, а таксама на нашых суседзяў.

Маім праектам некалькі гадоў таму зацікавіўся Аляксандар Памідораў. Ён падкарэктаваў усе беларускія тэксты і пазнаёміў мяне зь іншымі музыкамі. Склад музыкаў, якія прынялі ўдзел у запісе праекту досыць яркі і незвычайны. Сам Памідораў у калябарацыі са мной выканаў адну песьню «Научи меня». Гітарыст Сяргей Канановіч, які прымаў удзел у многіх музычных праектах, напісаў аранжыроўкі. Бас належыць Людміле Крукоўскай. Усе партыі бубнаў напісаныя намінантам на «Грэмі-2016» Tony Fadd. Прадусарам альбому стаў Аляксандар Хаўкін, вядомы з удзелу ў праекце «Крамбамбуля».

І вось дзякуй Б-гу першы альбом беларускага хасыдскага рэгі пад назваю «Всё будзет гут» пабачыў сьвет. Прыемнага праслухоўваньня

Пінхас Цынман, для TuzinFM