Синоптик
9449 / 2
06.06.2017

Nizkiz. Глаўней за ўсё надвор’е дома

Трэці альбом магілёўскага рок-гурту Nizkiz, у якім музыкі заяўляюць пра тое, што кожны сам сабе сыноптык.

У альбом «Cиноптик» увайшло 9 песень калектыву. Дзьве зь іх музыкі паказалі да рэлізу ў выглядзе самотнікаў: «Цемру» прэзэнтавалі яшчэ мінулаю зімою, а зусім нядаўна — «Абсолют». У цэлым жа частка матэрыялу ўжо была гатовая на момант выхаду папярэдняга дыску «Лірика». Як распавядае вакаліст гурту Аляксандар Ільін, каб дарабіць песьні, гурт нават адмовіўся ад удзелу ў некаторых фэстах і ад сольных канцэртаў. Надта карцела скончыць задуманае. Рэліз былі прызначылі на канец 2016-га, але давялося адкласьці запіс вакалу — у Сашы здарыўся бранхіт.

Альбом «Cиноптик» розьніцца ад ранейшых працаў каманды хіба толькі дэталямі, бо гурт трымаецца дакладна вызначанага раней стылю і гучаньня. Што да канцэпцыі, то Саша кажа, што ягоныя песьні пра ўнутранае надвор’е, якое кожны можа вызначаць сам: напрыклад, паглядзець у люстэрка зраніцы ды ўсьміхнуцца самому сабе, каб задаць уласны настрой.

Запіс усіх песень адбываўся на магілёўскай студыі Arzamas 16 у Дзяніса Манёнка, а зьвядзеньне і майстарынг рабіў Канстанцін Пыжоў на варшаўскай студыі House of Mix. Акрамя Аляксандра Ільіна (вакал, гітара), Дзьмітрыя Халяўкіна (бубны), Сяргея Кульшы (бас), Леаніда Несьцерука (гітара), у запісе таксама ўзялі ўдзел клявішнік Макс Аляксееў, а ў песьнях «Выбирай» і «Небясьпечна» бэк-вакалы запісалі разам з усімі ўдзельнікамі каманды Раман Шошын і Дзяніс Манёнак.

Паслухаць альбом можна таксама ў афіцыйнай суполцы гурту, а набыць digital-вэрсію — на iTunes і GooglePlay.

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ: