Калі Госпаду Баліць
1743 / 0
20.09.2016

Гульня з трыма літарамі. Альбом «КГБ» ад «ШОС Бэнд»

Беларуска- і часткова ўкраінскамоўны альбом гурта з Бэрліну, які заснаваў культурны правакатар зь Менску.

Музычны праект, які Пан Міхал зь Ліпску (так называе сябе музыка) заснаваў разам з украінцам, грузінскім цыганам і габрэем, гучна дэбютаваў з самотнікам «КГБ-Калі Госпаду Баліць» на Tuzin.fm у 2011 годзе. Песьня некалькі месяцаў была ў ліку самых запатрабаваных у нас на сайце. З таго часу пра гурт нічога не было чуваць. Аказваецца не распаўся — музыкі пакрысе працавалі над новым матэрыялам. Міхал выступае аўтарам тэкстаў і вакалістам, а яго сябра Раман Карастан стварае музыку ды аранжуе.

У рэліз «Калі Госпаду Баліць» акрамя беларускамоўных, увайшлі дзьве кампазыцыі па-ўкраінску «Донечка» і «Місяць», якія трапілі ў этэр шэрагу ўкраінскіх радыёстанцыяў. Бонусам у рэліз увайшлі два абсалютна сьвежыя трэкі — «Бязнога» і «Туман», запісаныя ў 2016 годзе.

Пачуць гэтыя песьні ўжывую, прынамсі ў Беларусі, пакуль не ўяўляецца магчымым. Адносна канцэртаў у Менску Міхал сказаў, як адрэзаў, яшчэ ў час прэм’еры самотніку: «Калi яны спускаюць сабакаў на тых, каго хапае толькi на тое, каб нацiснуць на пiмпачку з кансэрваваным Цоем, дык жывую рыбу, мяркую, будуць глушыць у басэйнах зь сернай кiслатой».

Падрабязьней пра гісторыю Міхала ды яго музычныя праекты Tuzin.fm пісаў раней.

Tuzin.fm