Мая малітва
2167 / 0
07.08.2016

Naka. Пасьля споведзі

Запіс першага ў дыскаграфіі беларускамоўнага альбому, стаў для каманды Насты Шпакоўскай сапраўдным выпрабаваньнем, якое музыкі прайшлі годна.

У дыск увайшло 12 трэкаў. Большасьць зь іх было створаная адмыслова для гэтага альбому. Песьня «Памылка» была напісаная для праекту «Апошні золак», а «Малітва» для праекту «Re:Песьняры» (для альбому музыка да яе была перапісаная самой Настай). Судовая справа з кампазытарам Алегам Моўчанам, аўтарам музыкі да «Малітвы» ў выкананьні Ўладзімера Мулявіна, безумоўна, паўплывала на характар і настрой альбому. І стала для гурта сапраўдным выпрабаваньнем. Наста Шпакоўская кажа, што прайшлі яго музыкі з годнасьцю і сталі больш дарослымі па сьветадчуваньні. Як пасьля сапраўнай споведзі. Больш узвышанымі і глыбокімі. Пры гэтым аўтарка альбому дадае, што гэтая праца ня ёсьць супрацівам і ня ёсьць данінай павагі модзе на беларускасьць. Гэтыя песьні пра любоў, пра душу, пра шчырасьць. І гэта адказ на спробы прыватызаваць тое, што належыць усім. Як, напрыклад, малітва.

Аўтарства песень належыць Насьце Шпакоўскай, ёсьць таксама творы на вершы беларускіх клясыкаў і сучасных паэтаў. Акром Янкі Купалы Naka паклала на музыку вершы Яўгеніі Янішчыц («Ты пакліч») і Алеся Плоткі («Муза»). У альбоме таксама ўзялі ўдзел запрошаныя вакалісты: Стас Мытнік (песьня «Не адпускай»), Ганна Хітрык і Сьвета Бень («Пра любоў»).

Альбом «Мая малітва» ў mp3/flac з бонус-трэкамі і відэа можна спампаваць на афіцыйным сайце гурта.

Tuzin.fm