Маленьне за Беларусь
4215 / 1
21.04.2016

Шыкоўны альбом на вершы Барадуліна

Колішні ўдзельнік ансамблю «Песьняры» і гурту Rouble Zone Аляксандар Віслаўскі прэзэнтуе на Tuzin.fm альбом на вершы Рыгора Барадуліна, які запісаў ягоны новы праект Studio Neman.

Альбом «Маленьне за Беларусь» з тых, які ня мае тэрміну даўніны. Ён мог быць запісаны, скажам на пачатку 80-х, мог прагучаць у 90-х, а насамрэч выйшаў толькі што. Яго можна назваць старамодным і гэтае вызначэньне будзе пахвальбою. Як выпадкова ўключыць які-небудзь трэк, то можна падумаць, што гэта адна зь невядомых праграмаў мулявінскіх «Песьняроў». Пры ўсім тым асабістым, што ўкладалі аўтары гэтага альбому, не пакідае адчуваньне, што праектавалі яго Мулявін ды Барадулін. Сустрэліся, зрабілі па сотачцы, пагаманілі, павыбіралі вершы ды вырашылі зрабіць сумесную праграму — магутную, маштабную, кранальную зь песьнямі-развагамі над тым, што ёсьць Беларусь і як яе жыхарам захаваць сваю краіну і сябе ў ёй.

На самой справе, гэтая праграма паўстала ў выніку супрацы выдатнага музыкі, кампазытара і аранжыроўшчыка Аляксандра Віслаўскага з выканаўцам і паэтам Алесем Камоцкім. Аляксандар пяць гадоў таму ўдзельнічаў у запісе альбому «Вяровіца», аранжаваў песьні Алеся на вершы Рыгора Барадуліна. Музыка дужа прасякнуўся ягонай паэзіяй і ў яго паўсталі задумы ўласных песень. Рэалізаваў ён іх толькі летась. Першай зь песень стала «Ерусалім», напісаная адразу пасьля пахаваньня Народнага паэта.

Адкрывае альбом «Маленьне за Беларусь» сам Рыгор Барадулін, які чытае «Ойча наш». Што найперш усхвалявала аўтараў гэтай працы ў ягонай паэзіі? Віслаўскі кажа, што перадусім патрыятызм, грамадзянская лірыка і лічыць, што ў гэтым альбоме ёсьць адказы на галоўныя пытаньні — як заставацца беларусамі і захаваць сваю ідэнтычнасьць.

Альбом атрымаўся сапраўды прыгожым і грунтоўным, зь лёгкім прысмакам арт-року і джаз-року. Без прэтэнзіі, але ў самую сутнасьць. А «песьняроўская» нотка тлумачыцца проста — аўтар музыкі прайшоў школу «Песьняроў»: ён пачынаў у моладзевай студыі ансамблю «Песьняры» (1985), а потым увайшоў у склад ВІА пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна ў якасьці клявішніка і бэк-вакаліста (1987—1991). У 90-х Аляксандар працаваў у аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і быў нават дарадцам прэзыдэнта па культуры, у сярэдзіне 90-х граў у складзе гурта «Рублёвая зона», а потым пераехаў на некаторы час у Польшчу, дзе працаваў у гурце «5th July». У 2004—2013 гадах выступаў у складзе адных зь «Песьняроў» (п/к Ігара Сьвечкіна). Ствараць альбом «Маленьне за Беларусь» Аляксандру Віслаўскаму дапамагала прафэсійная каманда музыкаў, якія аб’ядналіся ў праект «Studio Nemаn».

Сяргей Будкін

КАМЕНТАРЫ: