Родны край
3768 / 0
15.01.2016

Brutto — партызаны, беларускія сыны

Каманда Міхалка пакінула ў спакоі спартовую тэматыку. Цяпер музыкі граюць у «партызан-рок» — тэму для беларускай музыкі ўжо ня новую.

Па шчырасьці, да выхаду гэтага альбому, захоўвалася слабая надзея, што распад «Ляпісаў» на дзьве творчыя адзінкі — гэта проста прома-фінт: вось яны яшчэ пакпяць адно з аднаго, напішуць парачку дзіўных сынглаў паасобку, каб потым разам пасьмяяцца з усяго. Але не — усё сур’ёзна, Міхалок жорстка адрэзаў гэты кусок. На другім альбоме Brutto ўжо не чапае спартовай тэмы, яна адпрацавала на дэбютніку і зрабіла сваю справу, прыцягнуўшы ўвагу да новага праекту. Цяпер музыкі граюць у «партызан-рок» — тэму для беларускай музыкі ўжо ня новую, калі згадаць N.R.M. сярэдзіны 90-х. А музычна ды ідэйна гэты альбом па сутнасьці працягвае «Рабкор» — рэліз як бы «ляпісаўскі», але зусім ім не ўласьцівы. Новага нічога, затое як надзённа і актуальна. Зрэшты, на майкі з Чэ Геварам заўжды будзе попыт.

Падчас праслухоўваньня альбому не пакідае адчуваньне, што ён пакаваўся на хуткую руку ў няпросты, а можа, нават крызісны час. Тэма абраная, заявы зробленыя, даты абазначаныя, туры дамоўленыя, а аўтарскага матэрыялу на цэлую праграму не набіраецца. Але выйсьце ёсьць. Міхалок працягвае шукаць натхненьня ў беларускай паэзіі пачатку XX стагодзьдзя — і тут чарговы посьпех: «Будзь сьмелым» на словы дарэвалюцыйнага Купалы тут безумоўна адзін з самых магутных нумароў. Brutto таксама сілкуюцца з The Clash (кавэр на «London Calling» з заменай Лёндану на Маскву — адлегла, а то спачатку ўявіўся кавэр на Gorky Park), шатляндзкіх народных напеваў («Гары» — бліскучы і надзённы нумар з аўтарскім тэкстам Міхалка) ды ўласна ранейшага даробку (на дыску дзьве песьні з часоў позьняга «Ляпісу»). Вось бы яшчэ Сяргей дамовіўся зь Лявонам ды перасьпяваў «Партызанскую» — дужа па тэме было б. З уласна новага свайго тут надзвычайную вартасьць уяўляе найперш «Родны край»: лірыка, канечне, на ўзроўні 17-гадовага раззлаванага на сьвет падлетка, але тым і бярэ. Наогул, прыватны аповед, у якім вядзецца пра комплексы, крыўды, асабістыя перажываньні ды маральныя пакуты, у Міхалка найбольш кранальна выходзіць па-беларуску (згадаем яшчэ ранейшы нумар «Цмок ды арол»). І ў гэтым раскрыцьці дапамагае слабае веданьне мовы: аўтар як бы абнуляецца і вучыцца наноў выказваць свае думкі. Прыкрыцца іроніяй, напусьціць славеснага туману ды накінуць маску ён проста ня ў змозе.

У музычным пляне Brutto слухаць няпроста. І справа тут не ў наўмысным прымітывізьме — ясна, што гэта панк-рок і што разгарнуць свае ўменьні, напрыклад, гітарысту гурта Паўлу Трацяку тут няма як. Але пры ўсім задоры «Роднага краю», адчуваецца, што згас у творчасьці Міхалка той самы агонь, які запальваўся калісьці агульнымі высілкамі музыкаў зь «Ляпіса Трубяцкога» (тая самая бяда, дарэчы, у сольнага Вольскага ў альбоме «Грамадазнаўства» — зьнік «энэрэмаўскі» музычны нэрв). Стылістычны ды ідэйны складнік «Ляпісаў» мог зьмяняцца, але заўжды заставаўся той самы кручок, на якім усё трымалася — таму ад гурту што ўзору 1997 году, што 2011-га сыходзіла шалёная энэргетыка. Цяпер жа Міхалок з кампаніяй гучаць, проста скажам, незахапляльна. І калі на самім альбоме гэтая праблема трохі згладжаная — пісалі і зводзілі яго ўсё ж лютыя майстры, то на жывых выступах гэты скамечаны няўцямны гук проста забівае.

Але справа ня ў песьнях і ня ў саўндзе. Brutto мае нашмат шырэйшыя межы, чым проста музычны гурт. Гэтая творчая суполка працуе ў фармаце рэаліці-шоў, і глядзець яго як мінімум цікава. Наогул жа, Міхалок і К увасабляюць героя гэтага адрэзку часу. Ён дзёрзкі і рэзкі, але пры гэтым сэнтымэнтальны і ранімы. Ён абсалютна вольны ў сваіх дзеяньнях, але не ідзе ў поўны адрыў. Ён умее прадаць сябе, але пры гэтым нікому не прадацца. Ён ведае, як кіраваць інфармацыйнымі плынямі і пастаянна трымацца на плыву. Ён здольны прыгожа распавесьці сваю гісторыю і зачараваць ёю астатніх. І калі ён сказаў «Джа Растафарай», значыць, так і трэба.

Сяргей Будкін