Акустыка
2936 / 0
07.08.2015

Avias. Коле, але не працінае

Рома Сухоцкі задаўся амбітнай ідэяй — выдаць альбом дуэтаў з знакавымі пэрсонамі беларускай (і ня толькі) рок-сцэны. Дыск «Акустыка» ня выйшаў правальным. Але і падзеяй яго не назавеш.

Маючы ў даробку толькі адзін альбом — «Колеры», што выйшаў летась, Avias неяк замацаваўся ў сьвядомасьці як гурт дасьведчаны. Магчыма, таму, што яго лідэр Рома Сухоцкі сьпяваў быў у гурце «Крок» яшчэ 10 гадоў таму. Ёсьць яшчэ адна дэталь, якая вылучае каманду, — надзвычай сур’ёзны падыход да гучаньня і поўная адкрытасьць да экспэрымэнтаў. Гэты альбом з 6 песень экспэрымэнт двайны — мала таго, што музыкі на час адмовіліся ад свайго звыклага калючага гітарнага саўнду, дык яшчэ і на кожную песьню запрасілі адмысловага госьця. Ідэя амбітная і ўвасобленая даволі ўдала. Толькі што, нягледзячы на такое суквецьце імёнаў, альбом ня ўражвае, прынамсі зь першага праслухоўваньня.

Адкрывае альбом дуэт з Стасам Мытнікам«Лепш за цябе», песьня неблагая, але чароўнасьць вобразу вакаліста Akute тут неяк губляецца. Тое самае і зь песьняй, якую Рома прасьпяваў з Валерыяй Валадзько — не стае ў ёй драматызму. Ня спраўджвае надзеяў і сумесны трэк з расейскім музыкам Косьцем Чалых («7 Раса», «Мои Ракеты Вверх», SunSay, Зэмфіра). Нашмат большага чакаеш і ад песьні, у якой Стас Ламакін з The Toobes упершыню пяе па-беларуску, але — зноў жа! — не раскрывае тут сябе напоўніцу. Выйшла так, што большасьць выканаўцаў, якія меліся бы трэкі ўзмацніць праз свой удзел, хутчэй іх абцяжарылі. Адбыцца гэта магло як «зь віны» аўтара песень, так і «зь віны» гасьцей — магчыма, яны проста недастаткова прасякнуліся матэрыялам ці ён проста не адпавядае іх манеры выкананьня і ладу мысьленьня. Рома Сухоцкі песьні пісаць умее, але — сьвядома ці не — ня піша такіх, якія хацелася б рэальна падпяваць і рэпосьціць. Ён не чапляе на ўзроўні словаў, не бярэцца фармуляваць думкі ад імя пакаленьня і наогул ня ставіць задачы спадабацца, хоць напэўна мог бы напісаць песьню, якую сьпявала б уся краіна.

Пэўна, самы ўдалы дуэт у лідэра Avias выйшаў з Вовам Казловым з Re1ikt. Трэк «H» гучыць цалкам гарманічна. Ну і «Рай», ці не галоўны гіт гурта «Крок», выкананы зь Лявонам Вольскім, язык не павернецца назваць песьняй няўдалай, хоць і ў ёй хацелася б трохі больш эмоцыяў ад дуэту. Яшчэ адна ўласьцівасьць Avias: іх творы не адкрываюцца адразу, як, скажам, з Akute, а вымагаюць поўнага і неаднаразовага пагружэньня, як, напрыклад, у выпадку з Re1ikt. Нельга не адзначыць бліскучую тэхнічную рэалізацыю — можна атрымаць задавальненьне чыста ад таго, як гучыць альбом. Шкада, што закароткім выйшаў.

Паслухаць і спампаваць «Акустыку» можна ў афіцыйнай суполцы гурта і на лэйбле «Пяршак».

Сяргей Будкін