Жалуды
3385 / 0
24.10.2013

Нашто Зайцу жалуды

Гульцы на полі беларускамоўнай рэп-культуры існуюць па-за прасторай СМІ пад выдуманымі імёнамі і паводле канцэпцыі творчасьці ды праз уменьне трымацца асабняком ад навакольных зьяў нагадваюць бардаў. Канцэрты тутэйшыя рэперы не даюць, публікі сталай не маюць, вірусных ролікаў не здымаюць, мэрча не выпускаюць, але пры гэтым маюць што сказаць.

Беларускамоўны рэп у Беларусі не сканаў і нават падае прызнакі жыцьця. Пра гэта сьведчыць першая за 10 год складанка, на якой сабраныя выканаўцы, што для чытаньня сваіх тэкстаў абралі беларускую. У 2003 годзе тутэйшыя рэперы пры дапамозе лэйбла БМА-груп спрабавалі паказаць, што разам яны – сіла. Толькі што з удзельнікаў таго праекту «Пасадзіў DEAD RAPку» выжылі адзінкі, а ў гэтую складанку зь іх трапілі толькі ня-тое-каб-зусім-рэперы IQ48 ды ізноў з фітам (10 год таму гэта быў «Паветраны шар» з «Нестандартным варыянтам», а цяпер «Дай сілы» з Вінсэнтам). Раней было так, што мясцовыя расейскамоўныя рэперы наважваліся на запіс аднаго-двух трэкаў і больш выціснуць зь сябе нічога не маглі. Праект маладога прадусара Міколы Зайцы «Жалуды» сьведчаць пра тое, што за гэтыя 10 год сфармавалася новая суполка творцаў, якія выдатна адчуваюць мову і перадусім трымаюцца яе у сваёй творчасьці.

Цалкам скласьці ўяўленьне пра тое, якім ёсьць рэп у Беларусі паводле «Жалудоў» нельга. На дыску няма вострых трэкаў ад такіх яркіх і бескампрамісных асобаў, як MC Laur ці Ambasadar Krou (палітызаваны рэп у Беларусі афіцыйна выдаць не ўяўляецца магчымым). Няма старой гвардыі – колішняй красы і сілы беларускага рэпу, напрыклад, Памідорава, які цалкам сыйшоў у рок-музыку, і Сярогі, кар’ера якога падыйшла да свайго лягічнага завяршэньня. Няма і новых герояў – сольнага трэка Вінсэнта і Макса Каржа, што беларускай нібы не цураецца. Наяўнасьць хоць каго зь іх без сумневу бы ўпрыгожыла складанку.

Але недахопу ў трэках прадусары «Жалудоў» яўна ня мелі. На складанцы прадстаўленыя асноўныя гульцы на полі менавіта беларускамоўнай рэп-культуры, якія існуюць па-за прасторай СМІ пад выдуманымі імёнамі (часам нават не адным) і паводле канцэпцыі творчасьці ды праз уменьне трымацца асабняком ад навакольных зьяў нагадваюць бардаў. Некаторыя зь іх ужо маюць пэўную ступень віртуальнай вядомасьці, як Вожык, Sp Kava і Zeman, якая праўда анічым рэальным пакуль не падмацавана. Большасьць жа імёнаў наўрад ці што скажа нават неабыякаваму да беларускіх музычных спраў слухачу – канцэрты тутэйшыя рэперы не даюць, публікі сталай не маюць, вірусных ролікаў не здымаюць, мэрча не выпускаюць, але пры гэтым маюць што сказаць. Калі кагосьці цікавіць менавіта гэта іх уласьцівасьць – уменьне сказаць ёмка ды прыгожа пад нямоташны біт, то паслухаць варта найперш Базыля Мялешку, Зэмана, Вожыка. З адкрыцьцяў – нясьмелы, але кранальны рэчытатыў ад MS Marmelad (пад гэтай мянушкай схаваўся культур-мэнеджар Павал Белавус) і самы патрыятычны трэк складанкі «Літвіны» ад праектe Zenon, які якраз яскрава ілюструе мэнтальную блізкасьць беларускага рэпу да бардаўскага сьпеву. Што тычыцца песень у кананічным разуменьні гэтага слова, то такіх тут адна – трэк «Дай сілы» IQ48&Vincent яўна вылучацца на фоне астатняга матэрыялу, дзякуючы вакальнай харызме Сашы Ракаўца і Дзімы Папко і таму, што запісаны пры дапамозе жывых інструмэнтаў. І тое згаданыя выканаўцы тут не паказваюць зубоў. А наогул жа пра ўвесь беларускі рэп, прынамсі прадстаўлены на «Жалудах», хочацца сказаць так: добра, што ёсьць, шкада, што такі. Здаровая нахабнасьць і правакацыйнасьць, больш бадзёры і востры выклад сваіх думак і памкненьняў, маглі б паспрыяць таму, каб з «жалудоў» вырасьлі волаты-дубы.

«Жалуды», складанка беларускамоўнага хіп-хопу, Вігма, 2013

SB, «Тузін Гітоў»/Budzma.org