Караблі
3287 / 0
24.10.2013

«Карабель» даў крэн

У сваім новым альбоме «Караблі» Вольга Акуліч і яе праект «Верасень» робіць спробу адыйсьці ад апастылага ды малаактуальнага на сёньня жанру самадзейнай аўтарскай песьні ў бок рок-гучаньня.

Вольга Акуліч на беларускай сцэне пры канцы 90-х падавала прыблізна такія ж надзеі, як, скажам, Таня Беланогая ў 2004 годзе ці Паліна Рэспубліка цяпер. На «Бардаўскай восені-1999» яна атрымала Гран-Пры, але працягу не было. Сьпявачка вярнулася ў музычную прастору амаль праз 10 год, калі пры дапамозе запрошаных музыкаў запісала вельмі роўны альбом «Трохкутнік». «Караблі» – трэці яе дыск, які складаецца часткова зь песень з папярэдняга альбому «Другі» і новых твораў.

У гэтай працы бачым імкненьне выканаўцы выйсьці за межы апастылага ды малаактуальнага на сёньня жанру самадзейнай аўтарскай песьні. Дзеля вырашэньня гэтай задачы за сьпіной у Акуліч паўстаў цэлы рок-бэнд, які ў працэсе ігры, праўда, гайдае, як той самы карабель у непагадзь. У выніку перадумваньня музычнай канцэпцыі, заўважна зьмянілася і вакальная падача. Ціхі і лагодны голас Вольгі загучаў месцамі з напругай і патасам, з уласьцівай раней стомай і адчужанасьцю («Сьцеражыся», «Стрэл»). Але аснову альбому складаюць не жвавыя нумары, а прыблюзаваныя баляды-маналёгі ад імя самотнай гераіні, аздобленыя няхітрымі сола на гармоніку ды электрагітары пры ўдзеле абсалютна здранцвелай рытм-сэкцыі.

Песьням з альбому «Караблі» яўна не стае пісьменнага аранжыроўшчыка, бо паэзія і музыка тут існуюць паасобку і не ўтвараюць суцэльнага. Яны гучаць на ўзроўні дэма-запісу, пазбаўленыя ўсялякай хітрынкі, хоць у пэўных месцах адчувальна, што матэрыял мае немалы патэнцыял. Як, напрыклад, песенька «Нешта ня тое», дзе Акуліч трошкі нагадвае манерай сьпеву Алену Сьвірыдаву. Прадукт абсалютна нішавы - такой вытанчанай і празрыстай жаночай лірыкі ў беларускай музыцы ня так і шмат, але падаць яе трэба ўмець, каб яна кранула сэрца і запомнілася. «Верасьню» яшчэ б крыху – густу, глуздаў, жаданьня, імкненьня, уменьня, майстэрства - і мог бы атрымацца цалкам годны прадукт, музыка чыстае красы, сымэтрычны адказ ну хоць бы Вайцюшкевічу з Шадзьком. Пакуль жа маем даволі сыры неахайна запісаны альбом у фармаце «дэма» ці тое ад прытомленых аматараў са стажам ці тое ад пачаткоўцаў, цалкам пазбаўленых амбіцый.

Верасень – Караблі, інтэрнэт-рэліз, 2013

Альбом можна паслухаць і спампаваць на Ultra-Music. com

SB, «Тузін Гітоў»/budzma.org