Pastka
3974 / 0
24.10.2013

Калі мацюкі бываюць матываванымі

Amaroka – тая самая маладая шпана, якая годна падхапіла сьцяг сапраўднага беларускага року ад старэйшых калегаў. На лаўры гурта пакаленьня яны пакуль прэтэндаваць наўрад ці здольныя, але захапіць сваім бачыньнем сьвету цалкам могуць.

Яны граюць паводле амэрыканскіх панк-рок стандартаў, але зь беларускім калярытам. Лёгка, ненапружна ды з падкрэсьленым наівам, пяючы пра каханьне ды расчараваньне і трошкі пра палітыку. Але бяз злосьці і праклёнаў, адно толькі канстатуючы існуючы стан рэчаў. Нездарма іх творчасьць прыйшлася да спадобы гітарысту The Offspring. Самая жорсткая песьня на альбоме «Пастка» ў тэкставым пляне – «Прадаем краіну» з матываваным мацюком пад канец трэка. У музычным  - «Людзі», якая надта ўжо выбіваецца з усёй праграмы і выглядае лішняй на альбоме. На галоўныя гіты дыску прэтэндуюць «Штучны сьвет» ды «Губляю каханьне», але ж забойчай песьні, якая разыйшлася б сярод масаў музыкі яшчэ не стварылі.  

Асноўны саліст Зьміцер Афанасенка ня дужа харызматычны, але затое вельмі старанны. Адчувальна, што ён мае патэнцыял для таго, каб вырасьці ў сапраўднага адвязанага франтмэна вядучай панк-рок каманды краіны. Яўныя арыентыры Amaroka - N.R.M. лепшых часоў ды «Ляпіс Трубяцкой» апошніх год. Мова ў Зьмітра жывая, непрыдуманая, гэта таксама заўважна. Наогул, Афанасенка магчыма апошні беларускі рок-аўтар, які карыстаецца тарашкевіцай у сваіх тэкстах.

Што істотна – гучаць хлопцы самадастаткова і па-даросламу. Прычым, як у студыйным, так і жывым фармаце. Запісаны матэрыял так, што хочацца ўсклікнуць з захапленьнем «вах». Ажно занадта чысьценька, самым адданым прыхільнікам жанру гэтага бруду, што быў у тых жа N.R.M. і «Глюкаў», можа не ставаць.  Цікава, што пісалі песьні ў Менску, зводзілі ў Маскве, а майстэрылі ў Гданьску.

Пры канцы альбому - забаўны крэатыў, варты перайманьня  – тры песьні з альбому дублююцца пры канцы, але ўжо на ангельскай. І сапраўды - чаму б іншым беларускім рокерам не дадаваць бонусам парачку перасьпяваных на замежнай галоўных гітоў з мэтай азнаямленьня з сваёй творчасьцю слухачоў замежжа.

Amaroka – Pastka, 2013

Спампаваць альбом можна на афіцыйным сайце гурта

SB, «Тузін Гітоў»/budzma.org

Тэгi: