К чорту гарэлку
4295 / 0
17.12.2014

Музыка, што бульбатрэшам завецца

Назва альбому настройвае на тое, што зараз хлопцы спартовага целаскладу ўрубяць чыста па мэтале і давядуць усім ісьціны пра гонар і годнасьць. Але канцэпцыя ня вытрыманая да канца.

Гэты гурт зьвярнуў на сябе ўвагу, калі перамог на полацкім фэсьце «LIVEinROCK». Было гэта ў 2011-м, калі яшчэ нікому з удзельнікаў ня споўнілася 16 гадоў. Назву яны вырашылі падкарэктаваць, пакінуўшы толькі дзьве літары, і, відавочна, справай заняліся ўсур’ёз. Іх альбом «К чорту гарэлку» вызначаецца шчыльным гукам, прадуманай структурай песень і агульным прафэсійным падыходам. У музычным пляне гэта поўны олд-скул, хлопцы з зацятасьцю рэжуць гард-рок. Праўда, не забываючыся, што жывуць не ў 80-я. Каб не дурнаваты тэкст, то іх візытоўкаю можна было б лічыць першы трэк «Бульбатрэш» — гучыць бадзёра. Ды і наогул назва альбому настройвае на тое, што зараз хлопцы спартовага целаскладу ўрубяць чыста па мэтале і давядуць усім ісьціны пра гонар і годнасьць. Але канцэпцыя ня вытрыманая да канца. Праграма разломваецца пры праслухоўваньні на дзьве, а то і тры часткі.

Першая — гэта ангельскамоўныя нумары, якія, дарэчы, выглядаюць на альбоме самымі цікавымі, хоць месцамі надта другаснымі. «Price of Life», якому папярэднічае ледзьве ня прог-рокавы ўступ «S.O.U.L», — самая душа альбому.

Другая цяжкія беларускамоўныя трэкі, музычна вырашаныя на някепскім узроўні, але досыць слабыя з пасылу. Пра «Бульбатрэш» ужо сказана. Загалоўны нумар, які напісаны на верш Ларысы Геніюш, не запальвае. Калі мэталісты пяюць «К чорту гарэлку, шэйкі і твісты…», то нічога, акрамя ўсьмешкі, гэта выклікаць ня можа. Паэтка ўсё ж стварала гэты верш у 1968 годзе ў зусім іншым кантэксьце. Клясычную паэзію трэба з розумам карыстаць. Песьня «Дзяцюкі» (празь «я» пісала сама Геніюш) глядзіцца ў гэтым пляне больш выйгрышнай, бо тут ужо тэкст і музыка ў гармоніі, ды і сама кампазыцыя больш цікава збудаваная і драматургічна прадуманая.

Трэцяя лайт-частка, якая тут прадстаўленая адной песьняю — «Пагоня» на Багдановіча. Наважыцца на выкананьне такога твору і не папсаваць яго дарагога каштуе. Падышлі M.G. да яго з надзвычайнай далікатнасьцю, выключыўшы нават гітарныя прымочкі. Праўда, тут таксама могуць паўстаць пытаньні да спалучэньня тэксту з музыкай. Праз такую аранжыроўку і млявае цягучае выкананьне складаецца ўражаньне, што пяецца яна чалавекам скароным, які прызнаў сваю паразу. Сядзіць ён, значыць, выпівае ў карчме ды тужыць, а дайшоўшы да кандыцыі (там дзе «біце ў сэрцы іх…»), нібы зноў у яго прачынаецца надзея

У цэлым жа альбом M.G. выглядае на досыць някепскі дэбют. Намацаць бы музыкам да канца сваю канцэпцыю (у тым ліку і моўную, бо такая мяшанка не на карысьць) ды большую ўвагу зьвярнуць на тэкставы складнік. І тады можна сьмела выходзіць на разагрэў да Litvintroll.

M.G. — К чорту гарэлку (БМА-груп/Вігма, 2014)

SB, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi: