Гарадзенскі гармідар
8668 / 1
21.07.2014

Кароткі курс гісторыі Беларусі ад гарадзенскіх панкаў

На беларускай сцэне паўстала каманда-зьява. Гарадзенскія панкі селі на танкі, каб адукаваць цяперашнюю моладзь.

Нацыянальнаарыентаванага панку на беларускай сцэне вой як не ставала. Dzieciuki занялі пустую нішу і ўмомант сталі ўлюбёнцамі публікі. Яшчэ задоўга да выхаду іх альбому частка зь іх песень ужо атрымала вядомасьць. «Мужыцкая праўда» і «Хлопцы-балахоўцы» ўспрымаюцца няйначай як візытоўкі гурта. Усе астатнія трэкі з «Гарадзенскага гармідару» ім не саступаюць. Што свае, што чужыя. Песьні The Real McKenzies («Па гарах») і Захара Мая («Нашы танкі») прапушчаныя празь сябе да такой ступені, што і кавэрамі іх назваць язык не паварочваецца: «Калі нашыя танкі заедуць у Менск, я шмат каго павешу», — пяецца ў жартаўлівым нумары ад імя гарадзенскіх панкаў (у арыгінале пяялася пра Маскву і панкаў зь Ленінграду).

У гэтай працы ёсьць усё, што трэба: чыста панкаўскі шал і неўтаймаванасьць, уцямны сэнс і зьмест. Франтмэны каманды Алесь Дзянісаў і Паша Трабл ды аўтар большасьці тэкстаў Дзяніс Жыгавец вырашылі заняцца патрыятычным выхаваньнем моладзі ды давесьці тэзу пра беларусаў як пра шалёны і нескароны народ насуперак стэрэатыпу пра прыгнечанага, на ўсё згоднага і талерантнага чэла, што жыве недзе на ўскрайку Расейскай імпэрыі. «Гарадзенскі гармідар» уяўляе зь сябе кароткі курс гісторыі Беларусі, а дакладней, гісторыі змаганьня за Беларусь: паўстаньне Каліноўскага, антысавецкі супраціў, Курапаты і Хатынь — усё гэта сустракаецца ў песьнях «Дзецюкоў». «Гістарычную» канцэпцыю парушаюць некалькі абсалютна адвязаных трэкаў не па тэме, як «Песьня гарадзенскага гастарбайтэра» ці тыя ж «Танкі». Але гэта толькі на карысьць альбому, бо робіць яго разнастайным з тэматыкі, а значыць, зусім не дакучлівым і ненавязьлівым.

Разнастайнасьць дасягаецца яшчэ і за кошт багатага інструмэнтарыю: у песьнях гучаць, акрамя звыклых для панку гітары, баса ды бубнаў, яшчэ дуда і акардэон, што ствараюць пазнавальны саўнд гурта, часам далучаюцца яшчэ флейта і гармонік. Вакальныя ролі падзеленыя прыблізна напалову між Алесем Дзянісавым, культавым гарадзенскім музыкам, вядомым з гуртоў «КальЯн» і «Людзі на балоце», ды Пашам Траблам, калярытнаю асобаю, што мае, можа, і ня досыць моцны, але пэўна што харызматычны вакал.

Dzieciuki — перадусім канцэртны бэнд, таму ім досыць няпроста працаваць у студыйных умовах. На альбоме гэта адчуваецца. Надта просталінейна часам музыкі падаюць матэрыял, не стае пакуль што іх гучаньню аб’ёмнасьці і збалянсаванасьці. Моцны ў сваёй драматургіі нумар «Забытая магіла», напрыклад, ня вырашаны ў студыі як сьлед. А вось «Песьня гарадзенскага гастарбайтэра», стылізаваная пад піўны фольк, наадварот, выйшла ў запісе даволі ўдала.

Галоўная выснова, што напрошваецца пасьля праслухоўваньня «Гарадзенскага гармідару»: на беларускай сцэне паўстала каманда-зьява. Такое бывае гады ў рады, таму грэх ня ўсьцешыцца.

Dzieciuki — Гарадзенскі гармідар, 2014

Cпампаваць альбом можна на Tuzin.fm

Cяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • buzz-yovic / адказаць
    07.02.2015 / 18:35

    Блин, добры гурт. Мне вельми падабаецца. Нажаль, што только зараз з iм пазнаёмиуся((

  • КАМЕНТАВАЦЬ